Выстава “Партрэты рэчаў” рэалізавана з нагоды 55-годдзя Гродзенскай выставачнай залы і ўключае мастацкія работы гродзенскіх творцаў, у якіх праз выявы звычайных прадметаў глыбока раскрываецца не толькі ўнутраны свет асобы мастака, але часта і духоўная напоўненасць і рэальныя сведчанні цэлай эпохі.
Своеасаблівыя “партрэты” рэчаў прымушаюць гледача любавацца тымі простымі і звыклымі аб’ектамі рэчаіснасці, на якія ў паўсядзенным жыцці часта не звяртаецца ўвага. У большасці твораў складаныя сюжэтныя і вобразныя рашэнні пашыраюць жанравыя рамкі нацюрморта, па-майстэрску адлюстроўваючы светапогляднае шматгалоссе навакольнага жыцця.
Экспазіцыя мае рэтраспектыўны характар і прадстаўляе працы з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, з прыватных калекцыі і асабістых зборах гродзенскіх мастакоў.
Шчыра запрашаем вас на адкрыццё выставы “Партрэты рэчаў” і святочную імпрэзу да 55-годдзя Гродзенскай выставачнай залы - 30 лістапада ў 17:30 ( 30 лістапада, з 17:00 да 20:00 вольны ўваход).
Выстава “Партрэты рэчаў” будзе працаваць да 18-га снежня.
Штодня з 9:00 да 20:00
Кошт білетаў:
Дарослыя - 3,0 р.
Студэнты, навучэнцы - 2,50р.
Школьнікі - 1,50 р.
Дзеці да 7 гадоў, інваліды першай і другой групы, удзельнікі ВАВ - бясплатна.
Тэлефоны для даведак:
+375295497905
+375152622982