Адкрыццё мастацкай выставы “На Каляды”

Калектыўная выстава гродзенскіх мастакоў “На Каляды” сабрала ў выставачнай зале г.Гродна работы шматлікіх творцаў Гродзеншчыны. Розныя па сваіх эстэтычных канцэпцыях, творчых метадах, тэхніках выканання, яны аб’яднаны адзінымі выяўленчымі святочнымі акордамі і скіраваны на сцвярджэнне прыгажосці і каштоўнасці існавання чалавека ў навакольным свеце.

І сімвалічна, што дзень адкрыцця выставы прымеркаваны да часу зімовага сонцастаяння – перыяду, калі ў прыродзе ўсталёўваецца незвычайная раўнавага. Ноч, усеагульнае панаванне якой пачыналася з восеньскага раўнадзенства, перастае павялічвацца, а праз некалькі дзен святло паступова атрымлівае перамогу, і дзень становіцца на хвілінкі даўжэйшым. Таму так выразна гучыць на выставе яркая святочная каларыстыка, якая асацыятыўна нагадвае нам ззянне вечнай субстанцыі – сонца, яго агню і цяпла. Таму жывая зеляніна ялінак выклікае да жыцця філасофскія развагі пра ўсеагульную гармонію ў прыродзе. Таму асабліва пяшчотнымі здаюцца шматлікія выявы анелаў, што ахінаюць нас сваёй апекай і дабразычлівасцю і абараняюць ад нядобрых сіл.

Як вядома, народнае свята Калядаў лагічна звязана з Нараджэннем Хрыстовым, таму экспазіцыя ўтрымлівае шматлікія сакральныя сюжэты, мастакоўскія выяўленчыя і гістарычныя рэмінісцэнцыі, іканапісныя выявы, якія апелююць да сімволікі і значнасці гэтай хрысціянскай падзеі.

Незвычайнай магіяй цыклу зімовых свят, філасофскімі матывамі асэнсавання прыгажосці і шматграннасці жыцця прасякнута прастора выставачнай залы, дзе кожны зможа ўзбагаціцца духоўна.

Марына Загідуліна

 

Пролистать наверх